BE RU EN

Маці аднаго з абвінавачаных у тэракце не верыць следству

  • 2.06.2011, 9:30

Маці аднаго з абвінавачаных у тэракце занепакоеная фізічным і маральным станам зняволенага ў СІЗА КДБ сына.

Жанчына хоча, каб яе дапусцілі да ўдзелу ў дзеяннях па крымінальнай справе, узбуджанай па ч.3 артыкула 289 Крымінальнага Кодэкса. Адпаведную заяву яна падала на імя кіраўніка следчай групы, якая займаецца расследаваннем выбуху ў менскім метро, ​​намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Маці абвінавачанага 26-гадовага жыхара Віцебска звяртаецца да кіраўніка следчай групы на падставе шэрагу артыкулаў Крымінальна-Працэсуальнага Кодэксу, якія рэгламентуюць магчымасці грамадзян быць законнымі прадстаўнікамі сваіх блізкіх сваякоў, якіх абвінавачваюць у крымінальных злачынствах, у тым ліку асабліва грамадска небяспечных.

У вінаватасць сына яна не верыць, згадвае аб хранічных захворваннях, на якія пакутуе хлопец, і непакоіцца, што на яго можа быць здзейснены ціск, каб ён прызнаў сябе вінаватым у тым, чаго не рабіў.

Нагадаем, што 31 мая Андрэй Швед заявіў, што следствам усталяванае дачыненне абвінавачаных у тэракце яшчэ да 14 злачынстваў, здзейсненых у Віцебску з ужываннем самаробных выбуховых прылад за перыяд з 2000 па 2011 год.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у СІЗА КДБ ўтрымліваюцца двое жыхароў Віцебску, якія абвінавачваюцца ў тэракце 11 красавіка.

Апошнія навіны