Пацярпелыя атрымаюць выплаты ў памеры 20-100 базавых велічынь
- 13.04.2011, 11:06
Грамадзяне, якія атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці ў выніку выбуху ў панядзелак у менскім метро, атрымаюць матэрыяльную кампенсацыю ў памеры ад 20 да 100 базавых велічынь у залежнасці ад характару траўмаў.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у Менгарвыканкаме.
Там растлумачылі, што пацярпелыя, якія атрымалі цяжкія целавыя пашкоджанні, атрымаюць матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 100 базавых велічынь (Br3, 5 млн), людзям з пашкоджаннямі сярэдняй ступені цяжкасці гарадскія ўлады выплацяць кампенсацыю ў памеры 50 базавых велічынь (Br1, 75 млн). Тыя, хто атрымалі лёгкія траўмы, атрымаюць кампенсацыю ў памеры 20 базавых велічынь (Br700 тыс.).
У Менгарвыканкаме таксама нагадалі, што ўладамі горада прынятае рашэнне аб аказанні дапамогі сем'ям загінулых у арганізацыі пахавання і цырымоніях памінання. Памер выплат на гэтыя мэты складзе 800 базавых велічынь (Br28 млн).
У мэрыі дадалі, што гарадская адміністрацыя прапануе сваякам загінулых для пахавання на выбар любыя могілкі горада, за выключэннем Усходніх і Вайсковых.
Пахаванні загінулых адбудуцца ў бліжэйшыя тры дні.
У Менгарвыканкаме створаная спецыяльная камісія, куды варта звяртацца за атрыманнем выплат. Тэлефоны супрацоўнікаў камісіі ў бліжэйшы час будуць размешчаныя на сайце гарадской адміністрацыі.