BE RU EN

КДБ не аддае Лябедзьку ні пашпарта, ні рэчаў

  • 12.10.2011, 12:35

Анатолю Лябедзьку ў чарговы раз не дазволілі атрымаць ўласныя рэчы, канфіскаваныя ў палітыка падчас затрымання.

Як паведамляе «Радыё Рацыя», у адміністрацыі СІЗА КДБ сёння лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі зноў патлумачылі, што не могуць выдаць ягоныя турэмныя нататнікі, грошы, а таксама нацельны крыжык ў сувязі з тым, што Лябедзька не можа прад'явіць свой грамадзянскі пашпарт.

- Гэта, мабыць, ужо мая чацвёртая спроба забраць мае асабістыя рэчы, якія засталіся ў СІЗА КДБ. Прыкладна 2 месяцы таму я на імя Арлова, начальніка следчага ізалятара КДБ, напісаў ліст з просьбай, каб мне вярнулі, тое, што ў мяне было канфіскавана. І з тых часоў нічога не чутно. Я ў панядзелак прыехаў у СІЗА КДБ, мяне папрасілі напісаць заяву на тое, што ў сераду магу прыйсці і забраць свае рэчы. Заяву я напісаў, сёння прыйшоў, аднак зноў па нулях, - паведаміў палітык.

Следчыя КДБ адабралі галоўны дакумент Анатоля Лябедзькі пасля вызвалення палітыка з турмы пад падпіску аб нявыездзе ў красавіку. Па словах следчых, пашпарт старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі быў далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы.

У жніўні справа супраць лідэра АГП была закрытая, але пашпарт палітыку па-ранейшаму не вярнулі.

Апошнія навіны