BE RU EN

Байкова змешчаная пад дамашні арышт

  • 25.08.2010, 11:04

Тэрмін следства па крымінальнай справе былога следчага Генпракуратуры падоўжаны да 9 кастрычніка.

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч адмовіў у падоўжанні тэрміну ўтрымання пад вартай следчага Святланы Байковай, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Генпракуратуры рэспублікі.

«У цяперашні час Байкова знаходзіцца дома: следствам абраная мера стрымання - хатні арышт», - адзначылі ў Генпракуратуры.

Акрамя таго, тэрмін следства па крымінальнай справе генеральным пракурорам падоўжаны да 9 кастрычніка бягучага года.

У лютым гэтага года Байкова была затрыманая, а затым арыштаваная КДБ, да цяперашняга часу яна утрымлівалася ў СІЗА КДБ, ёй былі прад'яўленыя абвінавачванні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Байкова расследавала шэраг гучных злачынстваў.

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 399 сталі некаторыя следчыя дзеянні Байковай у дачыненні да бізнэсоўца Паўла Малочкі, які абвінавачваецца ў стварэнні злачыннай арганізацыі і ўдзеле ў ёй. Паводле матэрыялаў следства, гэтая група незаконна перамяшчала тавары на мільёны даляраў праз беларускую мяжу. Паводле высноваў папярэдняга расследавання КДБ, Святлана Байкова незаконна спыніла вышук Малочкі і мела на мэце вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці. Дарэчы, Малочка - грамадзянін ФРГ і знаходзіцца пад абаронай сваёй дзяржавы.

Інкрымінаваны Байковай эпізод другой крымінальнай справы (па ч.2 арт. 399) тычыцца вызвалення ад крымінальнай адказнасці трох былых інспектараў мытні. Да іх следчы Генпракуратуры ўжыла арт. 20 КК на падставе таго, што яны пайшлі на супрацоўніцтва - добраахвотна заявілі пра існаванне злачыннай арганізацыі і спрыялі яе выкрыццю.

Апошнія навіны