BE RU EN

Грыбаўскайтэ «чакае адказаў» у сувязі з арыштам літоўскага паліцыянта

  • 19.08.2010, 12:52

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ выказалася з нагоды затрыманага ў Беларусі паліцыянта Лайманаса Банкаўскаса.

Грыбаўскайтэ спадзяецца, што беларускія праваахоўнікі з разуменнем паставяцца да сітуацыі і правядуць расследаванне аператыўна і хутка.

«Літва зацікаўленая як мага хутчэй атрымаць адказы ў сувязі з гэтым затрыманнем (...) Прэзідэнт спадзяецца, што беларускае кіраўніцтва, разумеючы сітуацыю, забяспечыць аператыўнае і аб'ектыўнае расследаванне», - перадала BNS у чацвер слова прэзідэнта яе дарадца Дайва Ульбінайтэ.

Грыбаўскайтэ таксама выказала надзею, што гэты інцыдэнт не нашкодзіць літоўска-беларускім стасункам.

«Гэты інцыдэнт не павінен нашкодзіць развіццю двухбаковых стасункаў», - сказала прэзідэнт.

Па словах Ульбінайтэ, у апараце прэзідэнта сочаць за сітуацыяй у сувязі з затрыманнем Банкаўскаса.

Ротны Коннай паліцыі Галоўнага камісарыята паліцыі Віленскай акругі Банкаўскас быў затрыманы ў Беларусі ў панядзелак.

Расейскае навінавае агенцтва «Інтэрфакс» у сераду паведаміла, што ў затрыманага ў другой палове дня ў панядзелак літоўскага афіцэра паліцыі беларускія памежнікі знайшлі 45,5 грама наркотыку - амфетаміну.

У сераду з арыштаваным Банкаўскасам сустрэўся генеральны консул Літвы ў Гародні Рымантас Латакас. Генконсул сказаў, што Банкаўскас не прызнае сваёй віны і сцвярджае, што наркотыкі яму падкінулі.

Паводле папярэдніх дадзеных, літоўскаму паліцыянту прад'яўленыя падазрэнні па артыкуле 228 Крымінальнага кодэкса Беларусі, у якім прадугледжаная адказнасць за кантрабанду наркотыкаў. За гэта, калі падазраваны дзейнічаў адзін, яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Апошнія навіны