BE RU EN

Дарога рызыкі і смерці

  • 20.07.2010, 12:05

Ліпеньская спякота зноў выявіла бяду беларускіх дарог - на многіх з іх плавіцца асфальт, з'яўляюцца ўвагнутасці і бугры.

Што робіць улада? Згаджаецца з дарожнікамі, якія загадзя не ўлічваюць пацяпленне клімату ў Беларусі, а эканомяць сродкі і будуюць дарогі, як гаворыцца, па дзедавых тэхналогіях, піша сайт грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Міністэрства транспарту і камунікацый РБ забараніла рух цяжкіх грузавікоў з 11 раніцы да 21 вечара. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 жніўня. Пры тэмпературы паветра вышэй за 25 градусаў транспарт з нагрузкай на адну вось больш за 6 тон не зможа курсіраваць па беларускіх дарогах. Рух пры такіх тэмпературах без спецыяльнага дазволу караецца штрафам у памеры ад 25 да 50 базавых велічынь.

Начальнік упраўлення дарожнай сеткі дэпартамента «Белаўтадар» Аляксандр Галаўнёў ўдакладняе, што адным з самых складаных участкаў у гэты час з'яўляецца Менск-Мікашэвічы, асабліва з 62-га па 120-ы кіламетр. Гэта - Слуцкі раён, дзе ў перыяд з 1998 па 2009 год адбылося 238 дарожна-транспартных здарэнняў. У выніку 97 чалавек загінулі. 281 атрымалі сур'ёзныя траўмы. Яшчэ ў 1,5 тысячы ДТЗ людзі, на шчасце, не пацярпелі, але ў металалом ператварылася тэхніка.

-Машыны цяпер хуткасныя. Рызыкуе той, хто не ў курсе, што шырокая чатырохрадовая частка шашы Менск-Мікашэвічы абрываецца і пачынаецца вузкая - двухрадовая, - кажа старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Доманеўскі.

Чыноўнік параўнальна нядаўна працуе ў новай для сябе пасадзе. Але ён ужо паспеў пераканацца, што некаторыя аўтатрасы на тэрыторыі Слуцкага раойна - гэта кіламетры рызыкі і смерці. Асабліва нагрузка на шашы Менск-Мікашэвічы ўзрастае ў прадвыходные і выходныя дні. Сотні машын праносіць тут транзітам у Капыль, Любань, Салігорск, Старыя Дарогі, а таксама ў кірунку Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Калі Слуцкім раёнам кіраваў цяперашні старшыня Камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць, то на гэтай дарозе шмат было выканана работ «касметычнага» характару. Тады для насельніцтва з бліжэйшых вёсак былі пабудаваныя сталы і зэдлікі для продажу грыбоў, ягад, малака, яек і бульбы. Але шэраг аўтамашын уздоўж дарогі толькі пагоршыў аварыйную сітуацыю. Зараз для бяспекі прыходзіцца ўсталёўваць адмысловыя турнікеты, каб прымусіць людзей пераходзіць праезную частку толькі ў адведзеных месцах.

Ці памятае Зянон Ломаць аб сваім абяцанні землякам дамагчыся рэканструкцыі небяспечнага ўчастка шашы з павелічэннем колькасці радоў для руху - не менш за два ў кожным кірунку? Статыстыка ДТЗ тут жудасная. На ўчастку ад 70 да 80 кіламетра за згаданы перыяд адбылося 43 ДТЗ - 16 загінулых і 55 параненых, на ўчастках 90-100 і 110-120 здарылася 97 ДТЗ, у якіх 47 загінулых і 109 параненых ...

Апошнія навіны