Байкова застанецца пад вартай
- 23.06.2010, 13:29
Генеральная пракуратура не будзе хадайнічаць аб вызваленні свайго следчага.
Як сказаў генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч, заўтра, 24 чэрвеня сканчаецца чарговы тэрмін знаходжання Байковай пад вартай. Аднак гэтым разам Генеральная пракуратура не будзе хадайнічаць аб вызваленні свайго следчага, паведамляе Штодзённік
Па словах Р. Васілевіча, ён вывучыў абставіны «Справы Байковай» і прыйшоў да высновы, што сітуацыя не такая адназначная, як магло падацца спачатку. Як заявіў генеральны пракурор Беларусі, на працягу многіх гадоў у пракуратуры склалася негатыўная практыка расследавання крымінальных справаў у дачыненні да супрацоўнікаў мытні. З прычыны таго, што па гэтых справах праходзілі дзесяткі людзей, следства арганізавала своеасаблівы канвеер. І тут сапраўды былі свае перагібы, калі людзей без дастатковых падставаў і не заўсёды ў адпаведнасці з законам змяшчалі пад варту, а суды іх потым апраўдоўвалі ці ўжывалі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
«Шмат што ў пракуратуры было закладзена, як каляіна. Як трактарам грунтоўна гэтая каляіна была пракладзеная, так у межах гэтай каляіны 5-10 гадоў і следчыя, і суды дзейнічалі і лічылі, што гэта нармальна, што гэта такая практыка», - сказаў генпракурор.
Паводле сцвярджэння Р. Васілевіча, ніякай вайны паміж КДБ і пракуратурай няма, і кожнае ведамства дзейнічае ў межах сваіх паўнамоцтваў.
«А ў гэтай сітуацыі не ўсё так адназначна», - сказаў Рыгор Васілевіч.
Нагадаем, што зараз Святлана Байкова знаходзіцца пад вартай і ў знак пратэсту супраць свайго арышту абвясціла галадоўку. На думку С. Байкова, крымінальная справа супраць яе ініцыяваная высокапастаўленымі сілавікамі, якіх яна распрацоўвала ў межах расследавання крымінальных справаў па фактах карупцыі на дзяржаўнай мяжы.