КНДР рыхтуецца да новых ядзерных выпрабаванняў
- 20.04.2010, 12:52
У траўні або чэрвені Паўночная Карэя рыхтуецца ў трэці раз выпрабаваць ядзерную зброю.
Пра гэта паведаміў паўднёвакарэйскі тэлеканал YTN у аўторак, цытуючы неназваную дыпламатычную крыніцу.
Як перадае Reuters, КНДР байкатуе міжнародныя перамовы пра ядзернае раззбраенне ўжо больш за год. У лік умоў, выкананне якіх дзяржава патрабуе ў абмен на аднаўленне дыялогу, уваходзіць адмена санкцыяў ААН, накладзеных пасля апошніх ядзерных выпрабаванняў у маі 2009 года. Гэтыя санкцыі значна падарвалі і без таго слабую эканоміку краіны.
Падрыхтоўка да новых тэстаў пачалася ў лютым. Яна падразумявае ўзровень тэхнічнага развіцця, які значна перавышае той, што быў падчас двух папярэдніх тэстаў, якія былі прызнаныя часткова паспяховымі, паведаміў YTN, спасылаючыся на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.
Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў пакуль недаступныя для каментароў.