Ад выбуху ў Маскве загінула беларуска з расейскім грамадзянствам
- 31.03.2010, 17:45
Загінулая падчас маскоўскага тэракту Людміла Чарнова пражыла ўсё жыццё ў Беларусі.
«Вельмі добры, душэўны чалавек... Мы толькі сёння даведаліся, што яна ў спісах загінулых», - распавялі «Комсомольской правде в Белоруссии» былыя калегі загінулай Людмілы Чарновай з ААТ «Белшына».
Людміла Чарнова ў Беларусі насіла дзявочае прозвішча - Сяргеева.
«Людміла нарадзілася ў Навалукомлі, вучылася ў беларускім політэхнічным інстытуце. Разам з мужам у пачатку 80-х прыехалі маладымі спецыялістамі ў Бабруйск. Муж працаваў у бабруйскай ЦЭЦ-2, а яна прыйшла працаваць на беларускі шынны камбінат. Прапрацавала тут шмат, была ветэранам беларускага шыннага камбіната... Вельмі добры, спагадлівы, клапатлівы чалавек. Добры сябар, мама, жонка... З мужам яны пражылі ў Бабруйску да канца 90-х, мы разам дзяцей гадавалі, сябравалі, размаўлялі. Потым яны з'ехалі ў Менск, з'ехалі працаваць на менскую ЦЭЦ-5, якая будавалася тады ў пасёлку Дружны. Яна не так даўно пераехала ў Маскву да сваіх бацькоў. Памёр муж, дзеці - сын і дачка - вучыліся ў Маскве на энергетыкаў. Яна не хацела заставацца адна ў Беларусі. Але і з'яжджаць не хацела... Але так склаліся абставіны, паехала да сваіх бацькоў у Маскву, займалася там унукамі, была з дзецьмі. Расейскае грамадзянства яна атрымала год таму», - распавяла былая калега Ганна.
28 сакавіка, за дзень да трагедыі, Людміле Чарновай споўнілася 50 гадоў.
Раніцай 29 сакавіка Людміла Паўлаўна ехала на працу. У метро яе павінен быў сустрэць брат. Але не дачакаўся. Як стала вядома сёння, жанчына памерла ад выбухной хвалі. Пашкоджанняў ад асколкаў на яе целе няма. Пахаваюць Людмілу Чарнова ў Маскве 1 красавіка.