BE RU EN

На датэрміновае галасаванне возяць аўтобусамі ў працоўны час

  • 15.12.2010, 9:20

Кіраўніцтва прадпрыемства «Бярозабудматэрыялы» пагражае пазбаўленнем прэміяльных тых працоўных, хто не пагодзіцца на датэрміновае галасаванне

Гарадскія ўлады горада Бяроза нічога новага гэтым разам не прыдумалі - у працоўны час працоўных арганізавана возяць па выбарчых участках, каб яны прагаласавалі датэрмінова.

Як стала вядома «Праваабаронцам за свабодныя выбары», першым выканаў указанне «зверху» дырэктар ААТ «Бярозабудматэрыялы», дэпутат абласнога савета Мікалай Жук.

Жук загадаў сваім падначаленым 14 снежня даставіць працоўных на выбарчыя ўчасткі.

Напрыклад, да выбарчага ўчастку № 10, размешчанага ў спартовай зале ААТ «Бярозабудматэрыялы», у 11.15 пад'ехаў зялёны аўтобус, з якога выйшлі 10 працоўных і дружна накіраваліся на ўчастак. Быў і другі аўтобус з гэтага прадпрыемства, адкуль выйшлі тры жанчыны ў дарагіх футрах.

Ад працоўных прадпрыемства стала вядома, што начальства пагражала пазбавіць прэміяльных тых, хто не пагодзіцца на датэрміновае галасаванне.

Ужо вядома, што працоўных ААТ «Бярозаўскі маторарэмонтны завод» таксама арганізавана даставяць на выбарчыя ўчасткі для датэрміновага галасавання.

Апошнія навіны