У Менску «замініравалі» школу
- 24.09.2009, 12:28
З-за пагрозы выбуху з менскай школы Фрунзенскага раёна прыйшлося эвакуяваць 45 чалавек.
Пра гэта БелТА паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкама.
Інцыдэнт адбыўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы. У міліцыю звярнуўся вартаўнік сярэдняй школы, размешчанай на вул. Адоеўскага. Ён паведаміў, што ў 18 гадзінаў 30 хвілінаў з нявызначанага тэлефона на вахту школы патэлефанаваў невядомы і паведаміў, што будынак замініраваны. Супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС і група размініравання, якія прыбылі на месца, эвакуявалі ўсіх, хто знаходзіўся ў будынку. Сапёры, абследаваўшы школу, выбуховай прылады не выявілі.
Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Фрунзенскага РУУС узбуджаная крымінальная справа па арт. 340, ч. 1 КК РБ («Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы»). Зараз міліцыя вядзе пошук «мінёраў».