Менскую «Панікоўку» перайменавалі ў Аляксандраўскі сквер
- 24.09.2009, 10:20
Менгарсавет на сваёй сесіі 23 верасня прыняў рашэнне аб найменаванні безназоўных сквераў і праектаваных вуліцаў і перайменаванні могілак горада.
Так, сквер паміж вуліцамі Чырвонаармейская — Карла Маркса — Энгельса — праспектам Незалежнасці (у народзе - «Панікоўка», насупраць рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі) цяпер называецца Аляксандраўскі. Адзін з найстарэйшых сквераў горада атрымаў сваю назву ад пабудаванай там у 1870 годзе капліцы Аляксандра Неўскага, піша БелаПАН.
Сквер у межах вуліцаў Няміга — Гарадскі вал — Валадарскага атрымаў назву «Сквер Адама Міцкевіча». У 2003 годзе тут быў усталяваны помнік вядомаму польскаму паэту беларускага паходжання.
Сквер у межах ЦУМа — вуліцы Гікалы — бібліятэкі ім. Пушкіна цяпер называецца Бондараўскім скверам. У дарэвалюцыйны час тут жылі рамеснікі-бондары, а вуліца Гікалы да 1967 года мела назву Бондараўская.
Сквер паміж вуліцамі Татарскай — Грыбаедава — Ігнаценкі названы Татарскім скверам. На яго тэрыторыі будуецца мячэць.
Сквер паміж вуліцамі Дзекабрыстаў — Парашутнай — Папаніна названы Грушаўскім. Ён знаходзіцца ў прадмесце Грушаўка, якое ўзнікла ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя.
Сквер паміж вуліцамі Харкаўскай — Берута — Верашчагіна — жылая забудова цяпер будзе называцца Тучынскім. Сквер быў створаны ў 1960-я гады на тэрыторыі былога прадмесця Тучынка.
Сквер паміж вуліцамі Кастрычніцкая — Ульянаўская — Беларуская цяпер называецца Ляхаўскім. Ён быў створаны ў 1950-х гадах у прадмесці Ляхаўка, якое было адным з самых вялікіх у даваенным Менску.
Праектаванай вуліцы паміж вуліцамі Адоеўскага — Бельскага — Панамарэнкі прысвоена імя заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР Канстанціна Ціханавіча Кірыенкі (вуліца К.Ц.Кірыенкі). Праектаванай вуліцы №7 у мікрараёне Масюкоўшчына-6 прысвоена імя заслужанага будаўніка Рэспублікі Беларусь Валерыя Фёдаравіча Чычурына (вуліца В.Ф.Чычурына).
Акрамя гэтага, пераназваныя двое могілак. Могілкі «Піянерскія» на тэрыторыі Цэнтральнага раёна Менска пераназваныя ў могілкі «Крупцы». У XVI стагоддзі яны было заснаваныя як могілкі вёскі Крупцы.
Могілкі «Дружба» у Маскоўскім раёне пераназваныя ў могілкі «Брылеўскія». Яны знаходзяцца побач з мікрараёнам Брылевічы.