На Дзень горада дазволяць пранесці толькі мінералку
- 1.09.2009, 16:11
12 верасня ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў будуць працаваць кантрольна-прапускныя пункты (КПП).
Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкама - начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Уладзімір Навіткевіч сёння на прэс-канферэнцыі, перадае карэспандэнт БелТА.
«У месцах, дзе будуць збірацца больш за 500 чалавек, арганізуюцца КПП. Гледачы будуць праходзіць як праз стацыянарныя, так і ручныя металадэтэктары», - сказаў прадстаўнік ГУУС, дадаўшы, што такія пункты будуць дзейнічаць у цэнтры горада і раёнах.
Ён таксама нагадаў, што міліцыя не будзе прапускаць людзей з алкагольнымі слабаалкагольнымі напоямі. Дазволена толькі мінеральная вада ў празрыстай тары.
Для паскарэння працэсу дагляду неабходна прыходзіць загадзя - за 1-1,5 гадзіны. «Калі людзі вырашаць, напрыклад, увечары прыйсці на стэлу і паглядзець феерверк, то лепш гэта зрабіць загадзя», - параіў прадстаўнік сталічнага ГУУС.
Ён таксама распавёў, што дзяўчын і жанчын на КПП даглядаюць прадстаўніцы жаночага ўзвода палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. "У гэтае спецпадраздзяленне прымаюцца дзяўчыны, жанчыны на конкурснай аснове. Яны займаюцца спортам і маюць ранг не ніжэй за майстра спорту міжнароднага класа", - дадаў Уладзімір Навіткевіч.