ДАІ папярэджвае: з-за ліўня сёння зноў верагодныя затапленні вуліцаў
- 6.08.2009, 16:44
Менская Дзяржаўтаінспекцыя распаўсюдзіла паведамленне пра наступствы дажджу, які распачаўся ўдзень у Менску.
Магчымыя затапленні шэрагу гарадскіх вуліцаў і плошчаў у сувязі са штармавым папярэджаннем, якое перадаў Рэспубліканскі гідраметэацэнтр.
Ад 15 да 21 гадзіны ў сталіцы і на большай частцы тэрыторыі краіны ў сувязі з праходжаннем халоднага атмасфернага фронту чакаюцца навальніцы.
У Менску, дзе лівень ужо распачаўся, магчымае затапленне амаль 30 участкаў вулічна-дарожнай сеткі, у тым ліку плошчы Бангалор, плошчы Перамогі, вуліцы Няміга, скрыжаванняў праспекта Незалежнасці з вуліцамі Талбухіна, Сурганава, Каліноўскага, вуліцы Ціміразева з вуліцай Арлоўскай (2-е кальцо) і інш.
Як паведамілі БелаПАН у гідраметэацэнтры, сіноптыкі не чакаюць паўтору падзеяў 24 ліпеня, калі на Менск выпала ад 56 да 77 мм ападкаў і больш за 50 участкаў вулічна-дарожнай сеткі апынулася пад вадой, што прывяло да спынення руху транспарта і нанесла шкоду аўтамабілістам і суб'ектам гаспадарання, размешчаным у цокальных паверхах.