Менская міліцыя выступае за забарону «спайса»
- 21.07.2009, 11:09
ГУУС Менска занепакоенае распаўсюджваннем у беларускай сталіцы травяных сумесяў для палення, так званага «спайса».
«Упраўленне наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкама адзначае, што ў Менску атрымліваюць распаўсюд травяныя сумесі для палення (міксы) з рознымі лагатыпамі, так званы «спайс», паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у ГУУС Менска.
«Гэтыя сумесі для палення прапагандуюцца распаўсюднікамі як бясшкодны від тытунёвых вырабаў заспакойвальнага і антыстрэсавага ўздзеяння, прычым акцэнтуецца ўвага на тым, што сама сумесь вырабляецца па нейкіх таемных і старажытных рэцэптах, а інгрэдыенты, што ўваходзяць у яе склад, маюць выключна натуральнае паходжанне», адзначылі ў ГУУС.
«У цяперашні час рэалізацыя гэтай прадукцыі ў Менску арганізаваная і ажыццяўляецца праз інтэрнэт, а таксама праз прыватных асобаў. Разам з тым фіксаваліся факты распаўсюджвання візітовак з указаннем сайтаў і тэлефонаў прадаўцоў гэтых тытунёвых міксаў у сталічных школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах», падкрэслілі ў ГУУС.
«Ужо ёсць пэўная інфармацыя пра тое, што гэтыя сумесі для палення ўтрымліваюць у сваім складзе сумесі амідаў тлустых кіслотаў, у тым ліку сінтэтычных канабіноідаў (JWH-018 і СР- 47,497), дзеянне якіх на арганізм чалавека падобнае эфекту, выкліканаму ўжываннем канопляў (марыхуаны)», падкрэслілі ў ГУУС,
Акрамя гэтага, канабіноіды, якія ўжываюцца ў «спайсе», ўзмацняюць функцыі прызвычайвання і спрыяюць далейшай залежнасці, а выхад са стану ап'янення ў гэтым выпадку суправаджаецца больш хваравітымі адчуваннямі, чым пры спажыванні наркатычных рэчываў, паведамілі ва ўпраўленні.
«У шэрагу краінаў свету ўведзеныя, ці ў спешным парадку ўводзяцца забароны, якія абмяжоўваюць распаўсюд сумесяў для палення кшталту «спайс». У Беларусі зараз праводзіцца вывучэнне міжнароднага досведу, які маецца ў гэтай сферы, з мэтай распрацоўкі і зацвярджэння аналагічных забаронных мераў», падкрэслілі ў ГУУС.
«Менская міліцыя ўжо распрацавала і праводзіць комплекс мерапрыемстваў, накіраваны на спыненне незаконнага абарачэння «спайса» з мэтай канфіскацыі і прыцягнення яго збытчыкаў да існуючай адказнасці», падкрэслілі ў ГУУС.