Пачынаецца чарговы палітычны працэс: Максіму Дашуку пагражае да трох гадоў турмы
- 9.06.2009, 11:53
Суд над фігурантам «справы чатырнаццаці» Максімам Дашуком пачнецца 15 чэрвеня ў 10.15 у судзе Маскоўскага раёна Менска.
Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратар міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Таццяна Шапуцька.
Працэс над Дашуком павінен быў пачацца яшчэ 1 чэрвеня, аднак яго перанеслі на нявызначаны час з-за хваробы аднаго з судовых засядацеляў. Паколькі падсудны з'яўляецца непаўнагадовым, яго справа паводле закона павінна слухацца з удзелам народных засядацеляў (адзін суддзя і два народныя засядацелі).
Дашука абвінавачваюць у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 415 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Малады чалавек быў прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску 10 студзеня 2008 года. Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова правяралі Дашука наконт адбыцця пакарання і зафіксавалі некалькі парушэнняў, калі ён не ў час вяртаўся дадому. Парушэнне рэжыму Дашук тлумачыў тым, што дапамагаў маці, якая працуе індывідуальным прадпрымальнікам.
23 лютага 17-гадовы Дашук быў выкліканы ва УУС Маскоўскага раёна Менска, дзе яму прад'явілі абвінавачванне ў парушэнні парадку адбыцця пакарання. Суткі ён правёў у следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага, затым яго адпусцілі дадому пад падпіску аб невыяздзе.
У траўні 2009 года праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Дашука вязнем сумлення. Разам з ім вязнямі сумлення прызнаныя яшчэ 10 удзельнікаў «справы чатырнаццаці».