BE RU EN

КДБ: Празрыстасць беларуска-расейскай мяжы выкарыстоўваюць наркадылеры

  • 24.06.2009, 14:37

Аб гэтым журналістам заявіў кіраўнік цэнтра інфармацыі Камітэта дзяржбяспекі Валер Надтачаеў.

Па ягоных словах, аб'ём незаконных паставак хімічнай сыравіны для наркавытворчасці, якія ідуць з Расеі праз Беларусь у Польшчу, павялічыўся ў 7 раз, перадае «Радыё Свабода».

«Міжнародны наркабізнес карыстаецца выгодным геаграфічным месцазнаходжаннем Беларусі і яе адкрытымі межамі з Расеяй», -- сказаў Валер Надтачаеў.

Ён таксама дадаў, што ў апошні час значна вырасла кантрабанда сінтэтычных наркотыкаў з Польшчы і краін Балтыі ў Беларусь.

На межах з Польшчай і Балтыйскімі краінамі кантраляваць сітуацыю Беларусі атрымліваецца больш уважліва, і ўсё ж такі кантрабандысты знаходзяць шляхі праз лясы і балоты мяжы, часам нават з дапамогай мясцовых жыхароў, якія зацікаўленыя ў дадатковым заробку.

Як заявіў Надтачаеў, «Польшча паступова пераўтвараецца ў аднаго з сусветных лідэраў па вытворчасці сінтэтычных наркотыкаў».

Тым часам, па ягоных словах, «у рэгіёне дзейнічаюць шматлікія міжнародныя злачынныя групоўкі, у якія ўваходзяць грамадзяне Польшчы, Беларусі, Расеі, Украіны і краін Балтыі».

Па словах Надтачаева, наркарынак у Беларусі цяпер забяспечваюць дробныя наркадылеры. Летась было ўзбуджана 122 крымінальныя справы ў сувязі з кантрабандай наркотыкаў. Былі асуджаныя 67 чалавек, канфіскаваныя практычна 20 кілаграмаў наркатычных і псіхатропных рэчываў.

Апошнія навіны