BE RU EN

Суд над Максімам Дашуком перанесены на нявызначаны тэрмін

  • 1.06.2009, 15:24

Сёння мусіў пачацца суд над непаўнагадовым удзельнікам «Працэсу 14-ці» Максімам Дашуком.

Аднак з-за хваробы аднаго з «народных засядальнікаў» працэс перанеслі на нявызначаны тэрмін, паведамляе «Наша Ніва».

Падтрымаць молодзевага актывіста да будынка Маскоўскага суда Менску прыйшло больш за трыццаць чалавек – і ягоныя паплечнікі, і праваабаронцы.

Нагадаем, супраць Максіма Дашука была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 415 КК («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). У траўні летась Максім быў асуджаны на паўтара году абмежавання волі без накіравання ў спецкамендатуры, так званай «хатняй хіміі».

Праз свой узрост і адсутнасць менскай прапіскі Дашук так і не змог уладкавацца на працу, таму фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. З дому яму дазвалялася выходзіць толькі на дзве гадзіны ў суткі — ад дзесятай да дванаццатай раніцы.

Вясной у Максіма Дашука памер бацька, таму яму часта даводзілася дапамагаць маці, якая працуе прадпрымальніцай. Міліцыянты вынеслі моладзеваму актывісту чатыры папярэджанні. Адну ноч хлопец правёў у следчым ізалятары, пасля чаго пракурор памяняў меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Нагадаем, «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджанай ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да суду 9 снежня 2008 года ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 года без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Максіма Дашука Вязьнем сумлення. У адпаведнай заяве арганізацыі ягонае прозвішча стаіць сярод 11 фігурантаў «справы 14-ці», якія на дадзены момант знаходзяцца пад хатнім арыштам і пры самым малым парушэнні ў любы момант могуць апынуцца за кратамі.

Апошнія навіны