Пачаўся суд над забойцамі «пухавіцкага» падпальшчыка
- 7.04.2009, 10:47
7 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачалі разглядаць справу ў адносінах жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна, якія вінавацяцца ў забойстве свайго аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча.
«Судовае паседжанне па дадзенай справе пачнецца 7 красавіка ў 11.00. Плануецца, што яно будзе разгледжанае ў судзе да 10 красавіка», - паведаміла «Інтэрфаксу» кіраўнік прэс-службы Гомельскага абласнога суду Наталля Пугачова.
«Справа будзе разгледжаная на адкрытым судовым паседжанні», - паведаміла Н.Пугачова.
Нагадаем, што ў пачатку студзеня 2009 года былі арыштаваныя 3 жыхара вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна па падазроне ў забойстве мясцовага жыхара, ім было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 п. 15 сарт. 139 (забойства, здзейсненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
31 снежня 2008 года ў Пухавічах быў выяўлены абпалены труп раней неаднаразова судзімага, у тым ліку і за падпалы, мясцовага жыхара. Жорсткае забойства Мікалая Макарэвіча 1957 года нараджэння было здзейсненае 31 снежня 2008 года. Ягонае цела спрабавалі спаліць, а потым адвезлі і схавалі каля вёскі Белеў Жыткавіцкага раёна.
Было ўсталявана, што яму было нанесена некалькі смяротных удараў абухом сякеры па галаве, потым труп быў падпалены.
10 студзеня па падазроне ў забойстве былі затрыманыя трое мясцовых жыхароў — 1972, 1974 і 1985 гадоў нараджэння. Іх змясцілі ў следчы ізалятар, аднак 6 лютага, пасля асабістага ўмяшання Аляксандра Лукашэнкі, мера стрымання была змененая на хатні арышт.
24 лютага абвінавачванне ў забойстве было прад'яўленае 21-гадовай жыхарцы Пухавічаў, якая раней была асуджаная за нанясенне цяжкіх целавых пашкоджанняў сужыцелю і адбывала пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.