BE RU EN

Улады абвесцілі ў вышук удзельніцу «Працэсу 14-ці»

  • 20.04.2009, 11:10

Актывістцы грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Таццяне Цішкевіч пагражае пазбаўленне волі.

Пра тое, што ўлады абвесцілі Таццяну Цішкевіч, якая вучыцца ў Польшчы, у вышук, паведаміў сайт jeans-by.com са спасылкай на лідэра моладзевай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Міхаіла Пашкевіча.

«Пра тое, што Таня абвешчаная ў вышук, я даведаўся ад свайго следчага Кісяля, які з'яўляецца следчым крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага раёна Менска, дзе прапісаныя я і Таццяна Цішкевіч», - паведаміў Міхаіл Пашкевіч.

Зараз Таццяна Цішкевіч знаходзіцца ў Польшчы, дзе атрымлівае адукацыю. Дзяўчына з'яўляецца адной з удзельніцаў «Працэсу 14-ці» - справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджанай ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да суду 9 снежня 2008 года ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 года без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.

Адзін з удзельнікаў працэсу, актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі, таксама як і Таццяна Цішкевіч, з'ехаў пасля суду з Беларусі ва Украіну. У выніку, як толькі апазіцыянер вярнуўся на радзіму, яго арыштавалі. Актывіст прабыў у СІЗА некалькі месяцаў. Зараз ён знаходзіцца пад падпіскай аб невыяздзе ў чаканні суду.

Таццяна Цішкевіч – далёка не першая апазіцыянерка, абвешчаная ў вышук беларускімі ўладамі. Так, у студзені гэтага года быў абвешчаны ў вышук актывіст «Маладога Фронту» Сяргей Гумінскі, які вучыцца па праграме Кастуся Каліноўскага ў Гданьскім універсітэце. У Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа нібы за ўхіленне ад службы ў арміі.

У снежні 2008 года пінскі актывіст руху «За Свабоду» Ігар Салавей падчас наведвання ваеннага камісарыята таксама даведаўся, што нібыта знаходзіцца ў вышуку. На яго адразу ж супрацоўнікамі ваеннага камісарыята быў складзены пратакол па арт. 25 ч.3 КОАП РБ аб нез'яўленні ў ваенкамат у той час, калі актывіст вучыўся за мяжой. У пачатку гэтага года Ігара Салаўя гвалтоўна забралі ў армію, нягледзячы на хворае сэрца.

Апошнія навіны