BE RU EN

Юры Чавусаў: Беларускі Крымінальны кодэкс супярэчыць нормам міжнароднага права

  • 6.03.2009, 16:54

Наяўнасць у Крымінальным кодэксе артыкула 193-1 пра адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі па-ранейшаму з'яўляецца адной з найважнейшых праблемаў для НДА.

Пра гэта заявіў юрыст і палітолаг Юры Чавусаў, выступаючы з дакладам на Асамблеі няўрадавых арганізацыяў 6 сакавіка ў Менску, піша БелаПАН.

Па словах эксперта, з моманту ўступлення ў сілу згаданага артыкула па ім было асуджана каля 20 чалавек.

«Усе мы памятаем працэс «Партнёрства», працэсы над актывістамі міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт». На жаль, не было ні аднаго выпадку, калі суд прызнаў каго-небудзь, прыцягнутага да адказнасці па гэтым артыкуле, невінаватым», — адзначыў ён.

Юры Чавусаў падкрэсліў, што гэты артыкул у Крымінальным кодэксе «стаўся не толькі рэпрэсіўным, але і прэвентыўным».

«Шматлікіх сябраў «Маладога Фронту», асабліва ў рэгіёнах, запалохвалі менавіта тым, што да іх можа быць ужыты гэты артыкул. Такім чынам, іх фактычна вымушалі дзейнічаць непублічна і падпольна», — канстатаваў юрыст.

Палітолаг таксама адзначыў, што большасць працэсаў па артыкуле 193-1 праходзілі ў зачыненым рэжыме.

«Відавочна, што ўлады самі разумеюць, наколькі абвінавачванні ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі безгрунтоўныя і не суадносяцца з нормамі як беларускага, так і міжнароднага права», — лічыць Юры Чавусаў.

Апошнія навіны