Больш за 106 тысячаў беларускіх працоўных перавялі на няпоўную занятасць
- 16.03.2009, 15:09
Траціна беларускіх прадпрыемстваў сталіся стратнымі, жыхароў Беларусі пераводзяць на няпоўную занятасць і адпраўляюць у вымушаны адпачынак.
Як піша БелаПАН, у студзені 2009 года працягваўся рост вымушанай няпоўнай занятасці ў прамысловасці, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Колькасць працаўнікоў, пераведзеных на працу з няпоўным працоўным днём (тыднем) па ініцыятыве наймальніка, у цэлым па прамысловасці (акрамя суб'ектаў малога прадпрымальніцтва недзяржаўнай формы ўласнасці) склала 34,9 тыс. чалавек і ў параўнанні са снежнем 2008 года павялічылася на 12,9%.
Колькасць працаўнікоў, накіраваных у вымушаныя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка, узрасла на 19% і склала 52,8 тыс. чалавек.
У цэлым у студзені 2009 года 106,3 тыс. працаўнікоў арганізацыяў (3% сярэднемесячнай колькасці) працавалі ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці. У студзені 2009 года ў параўнанні са снежнем 2008 года колькасць працаўнікоў, пераведзеных на працу з няпоўным працоўным тыднем (днём), павялічылася на 17,6% і склала 47 тыс. чалавек, колькасць працаўнікоў, якім былі пададзеныя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка, павялічылася на 25,9% і склала 59,3 тыс. чалавек.
У студзені 2009 года доля стратных прамысловых прадпрыемстваў у Беларусі складала 30,4% ад іх агульнай колькасці.
Па выніках студзеня 624 прамысловыя прадпрыемствы атрымалі чыстую страту на агульную суму 200,4 млрд. рублёў, што ў 5,6 разы больш, чым у студзені 2008 года.
Найбольшыя сумы чыстай страты ў прадпрыемстваў харчовай прамысловасці (75,2 млрд. рублёў), машынабудавання і металаапрацоўкі (33,6 млрд. рублёў), хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (24 млрд. рублёў), лёгкай прамысловасці (23,5 млрд. рублёў), лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці (19,1 млрд. рублёў).