Злачынцы з міліцэйскімі пасведчаннямі рабуюць хаты на падставе ператрусу
- 9.02.2009, 12:21
Жыхара Гомеля абакралі на падставе ператрусу людзі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі.
21-гадовы жыхар Гомеля ўпусціў у сваю кватэру невядомых чатырох мужчын з міліцэйскімі пасведчаннямі, якія заявілі, што павінныя правесці ў ягонай кватэры ператрус. «Міліцыянты» забралі ў гамяльчаніна шэсць сотавых тэлефонаў і кампутар.
- Ён прыйшоў да нас абураны і кажа: дзе гэтыя міліцыянты, якія ў мяне ператрус праводзілі? – распавялі «Комсомольской правде» у крымінальнай міліцыі Цэнтральнага РАУС. - Маўляў, забралі тэхніку, абяцалі праверыць і вярнуць назаўтра, але як у ваду сыйшлі.
Як сталася, ніякія міліцыянты да маладога чалавека не прыходзілі. У той жа дзень чацвёра ашуканцаў былі затрыманыя. Двое з іх судзімыя, самому маладому - 18 год.
- Пацярпелага падвяло няведанне сваіх правоў, - разважаюць сапраўдныя «праваахоўнікі». - У зламыснікаў не было ордэру на ператрус, а "корачкі", якія яны паказалі, можна купіць у Расеі ў любым пераходзе.
Дарэчы, падчас "ператрусу" ілжэ-міліцыянты паводзілі сябе карэктна, фізічную сілу не ўжывалі, але трымаліся строга - такія заўвагі даў пацярпелы.