Новую хвалю свінога грыпу ўлады ізноў «замоўчаць»?
- 22.12.2009, 8:49
У студзені нас чакае другая хваля эпідэміі. Медыкі занепакоеныя, што ўлады зноў будуць «непадрыхтаванымі».
З 1 кастрычніка на ВРІ і на грып у Беларусі перахварэла 922 060 чалавек. Паказчык захворвання склаў 17 779,8 на 100 тысячаў насельніцтва. Гэта ў два разы вышэй за аналагічны леташні паказчык. Пікі захворвання назіраліся з 2 па 15 лістапада. Толькі ў першы тыдзень ўздыму інфекцыяў - з 2 па 8 лістапада - былі зарэгістраваныя 171 411 выпадкаў захворванняў.
Пытанняў шмат. Адказаў недастаткова
Як заявіла 18 снежня на канферэнцыі па пытаннях захворвання на ВРІ і грып галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, у сувязі з абвяшчэннем пандэміі грыпу А (H1N1) беларускія медыкі былі падрыхтаваныя да таго, што захворванне на вірусныя інфекцыі будзе павышаным. Як правіла, уздым захворвання пачынаецца ў канцы студзеня - пачатку лютага, аднак у гэтым годзе ўстойлівы рост захворвання адзначаўся ўжо з 19 кастрычніка.
Асістэнт кафедры інфекцыйных хваробаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Шаўлаў падкрэсліў «Беларускім навінам», што канферэнцыю, якая прайшла ў БелМАПА, «медыцынская грамадскасць чакала з нецярпеннем».
«Эпідэмія высокопатагеннага грыпу пракацілася па рэспубліцы, унёсшы з сабой шматлікія ахвяры. Ва ўрачоў назапасілася шмат пытанняў, на якія яны спадзяваліся атрымаць дакладныя адказы, дзеля чаго і прыехалі на нараду», - адзначыў М. Шаўлаў. Праўда, адказы на значную частку сваіх пытанняў спецыялісты так і не атрымалі.
Напрыклад, «на пытанне, чаму не была абвешчаная эпідэмія, вытлумачальнага адказу не было». «Дык хто ж павінен адказваць на гэтыя пытанні, калі не галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя?", - здзіўляецца М.Шаўлаў.
Адказы на пытанні медыкаў пра колькасць памерлых таксама не прагучалі.
Начальнік гарадскога паталагаанатамічнага бюро Аркадзь Пучко толькі канстатаваў, кажучы пра цяжкія хуткацечныя пнеўманіі, што з такімі захворваннямі ў Беларусі яшчэ не сустракаліся.
Медыкі рыхтуюцца да другой хвалі
Новы ўздым захворвання на ВРВІ і грып чакалі ў канцы снежня - пачатку студзеня. Але на канферэнцыі ў БелМАПА прагучалі скарэктаваныя арыентыроўкі - другая хваля магчымая ў студзені-лютым.
Першы намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць паведаміў, што ў Беларусі распрацаваная інструкцыя для медыкаў «Лячэнне грыпу А, выкліканага пандэмічным штамам H1N1, і яго ускладненняў».
У дакуменце пералічваюцца групы рызыкі заражэння грыпам А (H1N1), клінічныя праявы і ўскладненні грыпу, асаблівасці клінічнага працякання пандэмічнага грыпу. У ім таксама апісаны парадак аказання дапамогі пацыентам з грыпам і ВРІ, пададзеныя паказанні для пераводу пацыентаў ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, паказанні да шпіталізацыі дзяцей. Акрамя таго, у інструкцыі утрымліваюцца алгарытмы тэрапіі, якая прымяняецца пры лячэнні грыпу А (H1N1) і яго ускладненняў.
Свіны грып ізноў «замоўчаць»?
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на 23 лістапада ў Беларусі лабараторна пацверджаныя 179 выпадкаў захворвання на пандэмічны грып A (H1N1), у тым ліку за час эпідэмічнага ўздыму захворвання - 153 выпадкі. У адпаведнасці з рэкамендацыямі САаЗ ў Беларусі адмовіліся ад масавага лабараторнага пацверджання выпадкаў пандэмічнага грыпу А (H1N1). На новы вірус даследуюцца толькі аналізы хворых з цяжкімі формамі хваробы, дзяцей да двух гадоў, выбарачна - аналізы іншых хворых.
Між тым Мікалай Шаўлаў сцвярджае: «Аўдыторыя чакала выступу клініцыстаў, у якіх спадзявалася атрымаць дакладныя рэкамендацыі спецыялістаў пра тое, як западозрыць высокапатагенны грып, што рабіць, як фармуляваць дыягназ пры першасным звароце, як правільна і на падставе чаго выстаўляць клінічны дыягназ і, на жаль, патолагаанатамічны».
Замест гэтага, кажа ён, пачулі развагі на тэму, якія бываюць пнеўманіі і чым яны лечацца наогул.
«А дзе аналіз сітуацыі, аналіз, які б даў у рукі ўрачоў дакладныя рэкамендацыі: як западозрыць грып, каму адразу выдаваць таміфлю, і ў цэлым як паступаць правільна? Нічога сказана не было. З дакладаў мы даведаліся пра сітуацыю ў Каліфорніі. Гэта было цікава, толькі застаецца пытанне: як параўноўваць гэтыя сітуацыі? Хто аналізуе сітуацыю ў нас і дзе вынікі гэтага аналізу, якія дапамогуць сустрэць наступную хвалю эпідэміі у поўным узбраенні? Паводле прагнозаў Міністэрства аховы здароўя нас чакае другая хваля эпідэміі. І чым мы будзем абараняцца ад яе? Фуфламіцынам ці новымі інструкцыямі Міністэрства аховы здароўя? Ці новым загадам маўчаць і не сеяць паніку? Колькі эпідэміяў спатрэбіцца яшчэ, каб мы, нарэшце, перасталі наступаць на адны і тыя ж граблі?», - задаецца пытаннем Мікалай Шаўлаў.