Вакцына ад свінога грыпу можа з'явіцца толькі ў студзені
- 17.12.2009, 12:21
Беларускія паліклінікі не дачакаліся вакцыны ад грыпу А/H1N1, таму што Мінздароўя яшчэ не падпісаў кантракт з Расеяй аб ёй закупцы.
Намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць прадказвае, што другая хваля грыпу прыйдзе ў нашую краіну ў канцы снежня — пачатку лютага. У той жа час, па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Валянціны Качан, вакцыны супраць грыпу А/H1N1 павінны з'явіцца ў паліклініках у найбліжэйшыя дні. «Еўрарадыё» вырашыла даведацца, ці можна ўжо зараз прышчапіцца ад страшнай хваробы. З гэтым пытаннем тэлефануем у 15-ю менскую гарадскую паліклініку.
– Скажыце, калі ласка, я чуў, што ў паліклінікі пачала паступаць вакцына супраць свінога грыпу. А ў вас з'явілася?
– У нас ёсць платная, -- адказалі ў паліклініцы.
– А колькі каштуе?
–28 тысячаў.
На першы погляд, усё паводле абяцанняў Мінздароўя і няма падставы для хвалявання. Аднак, як высвятляецца, 15-я паліклініка — ледзь не адзіная, у якой з'явілася вакцына.
У 3-й дзіцячай паліклініцы пра вакцыну ад свінога грыпу нават і не чулі.
«Ад свінога» грыпу ў нас вакцыны няма пакуль», -- заяўляюць у 3-й дзіцячай паліклініцы. Пры гэтым урачы нават не ведаюць тэрмінаў, калі вакцына можа з'явіцца.
Такі ж адказ прагучаў і ў 6-ці іншых менскіх паліклініках. Ніхто не ведае, ні калі вакцына з'явіцца, ні колькі яна будзе каштаваць.
Пакуль што беларускія медыкі вывучаюць попыт на прышчэпку супраць хваробы. А ў гэты час больш за дзесяць еўрапейскіх краінаў паведамілі пра высокую альбо вельмі высокую актыўнасці віруса А/H1N1. У Беларусі, як вядома, таксама прагназуецца другая хваля эпідэміі ў канцы снежня — у пачатку студзеня. А калі ж з'явіцца сама вакцына?
«Калі Мінздароўя падпіша дамову з Расейскай Федэрацыяй на закупку гэтай вакцыны. Але пакуль яны толькі попыт збіралі — ці будуць жадаючыя і гэтак далей. А калі гэта адбудзецца — можа, у студзені. Гэта значыць гэта Мінздароўя будзе ведаць, калі ў іх будзе аплачаная гэтая дамова і гэтак далей», -- заявіла галоўны эпідэміёлаг камітэта аховы здароўя Менгарвыканкама Аліна Кісялёва.