Выпадкі захворвання на свіны грып у Беларусі ўжо не падлічваюць
- 18.11.2009, 9:13
Вірус пандэмічнага грыпу А/H1N1 у цяперашні час дамінуе сярод грыпападобных захворванняў.
Пра гэта паведаміў кіраўнік бюро СААЗ у Беларусі Ягор Зайцаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай праблеме падвышэння інфармаванасці насельніцтва аб мерах прафілактыкі і абароны ад сезоннага і пандэмічнага грыпу, перадае БелаПАН.
Спецыяліст адзначыў, што ў большасці пацыентаў захворванне працякае лёгка і не патрабуе спецыяльнага лячэння, а небяспечныя клінічныя зыходы «звязаныя, у асноўным, з несваечасовым зваротам па медыцынскую дапамогу».
Колькі ж выпадкаў свінога грыпу ў нашай краіне, спрабавалі высветліць журналісты. Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭГЗ) Людміла Наройчык ад адказу на гэтае пытанне сышла, сказаўшы, што не гатовая паведаміць аператыўную інфармацыю «пра выпадкі захворвання на грып А/H1N1 і выпадкі смерці ад яго, таму што тэма прэс-канферэнцыі заяўленая як «Падвышэнне інфармаванасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь аб мерах прафілактыкі і абароны ад сезоннага і пандэмічнага грыпу».
Па словах Л.Наройчык, большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязаная са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», — сказала яна.
Гэта значыць краіна так і не даведаецца, колькі людзей у Беларусі хварэюць на свіны грып. Па словах Наройчык, гэта і не трэба ведаць, паколькі «у лабараторным пацверджанні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці». Па словах намесніка галоўнага урача РЦГЭГЗ, гэта звязана з тым, што прынцыпы лячэння ўсіх формаў грыпу аднолькавыя. Ягор Зайцаў таксама адзначыў, што «няма неабходнасці ва ўсіх выпадках грыпу рабіць лабараторнае пацверджанне».
Па дадзеных Мінздароўя, па стане на 12 лістапада ў Беларусі было зарэгістравана 165 выпадкаў захворвання на пандэмічны грып A (H1N1). Паводле афіцыйных дадзеных на 4 лістапада, з пачатку ўздыму захворвання 19 кастрычніка ад пнеўманіі ў Беларусі памерла 19 чалавек, у сямі з іх лабараторна пацверджаная наяўнасць віруса грыпу А (H1N1).
Кажучы пра выпадкі пнеўманіі, Наройчык адзначыла, што раней гэтаму захворванню не надавалі такога значэння, як цяпер, і гэтая тэма не «выносілася на абмеркаванне СМІ». Ад пнеўманіяў паміраюць штогод, падкрэсліла яна.
Між тым, кіраўнік бюро СААЗ у Беларусі заўважыў, што асаблівасцю віруса грыпу А/H1N1 з'яўляецца верагоднасць развіцця цяжкіх ускладненняў, у прыватнасці, пнеўманіяў. Рызыка развіцця ўскладненняў зніжаецца, а лячэнне грыпу найбольш эфектыўна ў выпадку, калі пацыент звярнуўся па медыцынскую дапамогу на працягу двух сутак з моманту пачатку захворванні, сказаў Ягор Зайцаў.