Арганізатар дзяржперавароту ў Грузіі хаваецца ў Менску
- 10.01.2008, 9:03
Грузінскія СМІ паведамілі, што дэпутат грузінскага парламента Валеры Гелбахіані, абвінавачваны ўладамі ў спробе перавароту, можа хавацца ў Менску, дзе яго нядаўна бачылі.
Паводле дадзеных грузінскіх СМІ, Валеры Гелбахіані знік з Тбілісі адразу пасля таго, як улады краіны абвінавацілі яго ў падрыхтоўцы сумесна з Бадры Патаркацішвілі дзяржаўнага перавароту.
Грузінская газета "Алія" спасылаецца на крыніцу ў беларускім МУС, якая паведаміла, што Валеры Гелбахіані валодае ў Менску кватэрай, якую нядаўна абакралі. Неўзабаве нібыта самога збеглага грузінскага палітыка бачылі ў Менску, перадае «Тэлеграф» са спасылкай на «Радыё Свабода».
Паводле дадзеных крыніц грузінскіх СМІ, у Беларусь экс-кіраўнік перадвыбарнага штаба Бадры Патаркацішвілі патрапіў з Лондана, куды збег з Тбілісі. Грузінскія СМІ паведамляюць, што збеглы палітык плануе пасля перабрацца ў Маскву.
У МУС Беларусі не пацвердзілі інфармацыю пра знаходжанне ў межах краіны Валерыя Гелбахіані. "Вы называеце такія прозвішчы, якія я ў першы раз чую. Тут са сваёй сітуацыяй цяжка разабрацца", – заявіў прадстаўнік прэс-службы МУС Беларусі Алег Слепчанка.
Раней штаб экс-кандыдата ў прэзідэнты Патаркацішвілі заявіў, што для затрымання Гелбахіані вышлюць спецназ.
"Паводле нашай інфармацыі, неўзабаве Гелбахіані будзе затрыманы... магчыма, з выкарыстаннем спецназу", – заявілі ў штабе грузінскага алігарха напярэдадні Новага года.
24 снежня Генпракуратура Грузіі распаўсюдзіла аўдыё- і відэазапісы сустрэчы начальніка спецыяльнага аператыўнага дэпартамента МУС краіны Эрэкле Кодуа, былолога суддзі Марыны Габунія і кіраўніка выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Бадры Патаркацішвілі – Валерыя Гелбахіані, на падставе якіх была ўзбуджаная крымінальная справа па факце антыдзяржаўнай змовы
На запісы чуваць, як суразмоўцы абмяркоўваюць план магчымага звяржэння Міхаіла Саакашвілі.