Арыштаваны апазіцыянер, які арганізоўваў сустрэчу з дыпламатамі Еўразьвяза
- 9.10.2007, 19:53
Сёньня ў Гомелі быў затрыманы намесьнік старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Кацора, які з'яўляецца паплечнікам лідэра руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча. Яго даставілі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, дзе паводле сьведчаньня супрацоўнікаў ДАІ спадароў Палянка й Калугіна складзены пратакол нібыта за нецэнзурную лаянку й грубыя паводзіны.
Уладзімера Кацору апэратыўна адвезьлі ў суд Чыгуначнага раёну. Судзьдзя Козыраў пакараў актывіста 7 суткамі арышту.
Як лічыць спадар Кацора, ягоны арышт зьвязаны з дзьвюма палітычнымі падзеямі, якія маюць адбыцца напрыканцы гэтага тыдня:
“Насамрэч, я думаю, што гэта – правакацыя. Я так і напісаў. Чарговая, дарэчы, правакацыя. Зьвязана яна з тым, што ў Гомель прыязджаюць амбасадары краінаў Эўразьвязу. Думаю, гэта галоўная прычына. Я павінен быў гэтую сустрэчу з нашага боку арганізоўваць у пятніцу. І другая прычына – гэта Эўрапейскі марш, які ладзіцца ў Менску”, -- паведаміў актывіст “Радыё Свабода”.
Гэта ўжо чацьвёрты арышт актывіста напярэдадні важных палітычных падзеяў. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі й сьвяткаваньнем Дня Волі Уладзімір Кацора правёў за кратамі 23 сутак.
Заўвага сайта www.charter97.org: Беларускія ўлады зараз паводзяць сябе такім самым чынам, як і напачку 2006 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады таксама арыштавалі па сфальсіфікаваным абвінавачванням шмат апазіцыянераў, але як паказалі акцыі пратэсту на Плошчы Каліноўскага, такія дзеяньні ўладаў прыводзяць толькі да большай масавасьці акцый.