BE RU EN

Да Еўрапейскага Марша засталося 10 дзён і 6 хвілін

  • 4.10.2007, 13:54

14 кастрычніка ў Менску пройдзе Еўрапейскі Марш. Плануецца, што акцыя пачнецца а 14 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. На час напісання матэрыялу – 13 гадзін 54 хвіліны – да Еўрапейскага Марша засталося 10 дзён і 6 хвілін.

Ідэя правядзення Еўрапейскага Марша нарадзілася ў беларускай грамадзянскай супольнасці як рэакцыя на зварот Еўразвяза да ўрада і народа Беларусі «Што Еўрапейскі Звяз можа даць Беларусі». У нашай краіне гэты дакумент вядомы як «12 прапаноў Еўразвяза».

Мэтай Еўрапейскага Марша з'яўляецца дэманстрацыя еўрапейскага выбару беларускага народа і заклік да ўлад прыняць прапановы Еўрапейскага Звязу.

Пакуль урад Беларусі, па сутнасці, не адказвае на прапановы ЕЗ. Хоць, вынікі апошніх сацыялагічных апытанняў, праведзеных як незалежнымі, так і дзяржаўнымі сацыялагічнымі службамі, сведчаць пра тое, што большасць беларусаў пазітыўна ставяцца да наладжвання стасункаў з Еўропай, падтрымліваюць еўрапейскі вектар развіцця краіны.

Увесну гэтага года апазіцыя прапанавала ўладам пачаць унутрыбеларускі дыялог для спынення супрацьстаяння ў грамадстве, дасягнення кансенсусу адносна далейшага шляху развіцця краіны. Улады адказалі маўчаннем. Цяпер, у якасці практычнага кроку па пачатку дыялогу, уладам прапанаванае падтрымаць правядзенне Еўрапейскага Марша і ўзяць у ім непасрэдны ўдзел. Аргкамітэт Еўрапейскага Марша сфармаваў спецыяльную групу для перамоваў з уладамі. У яе ўвайшлі аўтарытэтныя палітычныя і грамадскія дзеячы – экс-намесніка міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч, экс-кіраўнік Нацбанку прафесар Станіслаў Багданкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ, прафесар Юры Хадыка.

Правядзенне ў Менску Еўрапейскага Марша прывітаў Еўрапейскі Звяз. «Я вітаю ініцыятыву грамадзянскай супольнасці Беларусі правесці 14 кастрычніка ў Менску Еўрапейскі Марш для таго, каб прадэманстраваць зацікаўленасць беларускага народа ва ўсталяванні цесных стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ. Прыемна бачыць, што грамадзянская супольнасць Беларусі пазітыўна адрэагавала на прапановы ЕЗ пачаць паўнапраўнае партнёрства пры ўмове, што беларускі ўрад зробіць істотныя крокі на шляху дэмакратызацыі», – заявіла Камісарка Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер.

Аргкамітэт Еўрапейскага Марша паведамляе, што напярэдадні Еўрапейскага Марша створаны спецыяльны сайт www.europeanmarch.org, на якім можна прачытаць усю інфармацыю пра акцыю, якая мае быць, на беларускай, расейскай і ангельскай мове. На сайце таксама размешчаныя відэа-кліпы на тэму Еўрапейскага Марша ў Менску.

Апошнія навіны