BE RU EN

Гарнякі абяцаюць уладам «рэзкую» рэакцыю на новы закон

  • 4.10.2007, 11:32

Лёс законапраекту”Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні” па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі працаўнікоў так званых “шкодных вытворчасьцяў”. Улады не дазволілі ў Наваполацку, Горадні, Салігорску, іншых гарадах правесьці пікеты 2 кастрычніка, таму працаўнікі шукаюць новыя формы пратэсту.

У аўторак раніцай каля будынку адміністрацыі “Беларуськалія” ў Салігорску сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна шахцёры зь вялікім працоўным стажам, сябры незалежнага прафсаюзу гарнякоў, каб проста абмеркаваць свае праблемы, паведамляе “Радыё Свабода”.

“Мы зьбіраемся рабіць гэта кожны дзень і менавіта такім чынам выказваць свой пратэст і занепакоенасьць законапраектам, які скасуе ільготы”, – гаворыць грамадзкая актывістка Ларыса Насановіч.

Па словах машыніста камбайну чацьвёртага рудніка, актывіста незалежнага прафсаюзу гарнякоў Мікалая Зіміна, сябры незалежнага прафсаюзу праводзілі і страйкі і розныя сходы. У большасьці ўсе выказаліся супраць законапраекту. “Калі чалавек страціў сваё здароўе на вытворчасьці, казаць пра тое, што праз 10 гадоў трэба сыходзіць са шкоднай працы ды авалодваць іншай прафэсіяй – абсурд. Калі б за страчанае здароўе далі прыстойную пэнсію – яшчэ куды б ні ішло. А так мы лічым, што закон ганебны”, -- паведаміў Мікалай Зімін.

Але ці здольныя гарнякі на больш рашучы пратэст? Па словах Міколы Зіміна, пакуль “сытуацыя да крытычнага моманту яшчэ не дайшла, аднак, калі закон будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, рэакцыя працоўных будзе больш рэзкай”.

Апошнія навіны