Леанід Заіка: «Пачалася спекуляцыя беларускай уласнасцю»
- 4.10.2007, 9:39
Выкупіўшы ў беларускай дзяржавы кантрольны пакет кампаніі «Мобильная цифровая связь», замежны ўласнік тут жа перапрадаў яго «Telekom Austria Group». Прычым па больш высокай цане. Эксперты прагназуюць, што гэтае звяно можа быць не апошнім у ланцужку продажаў.
Учора аўстрыйская кампанія «Telekom Austria Group» купіла 70% актываў долі замежнага прадпрыемства, якое робіць паслугі мабільнай сувязі, «Мобильная цифровая связь» (гандлёвая марка Velkom). Беларускія СМІ са спасылкай на аўстрыйскія крыніцы пішуць, што купля абышлася аўстрыйскай кампаніі ў 1 млрд. даляраў.
Расейскую кампанію «Вымпелком» прадавец нават не разглядаў у якасці сур'ёзнага пакупніка, тлумачаць аўстрыйскія крыніцы, каментуючы чуткі пра намеры «Вымпелкома» таксама набыць уласнасць у Беларусі. Паведамляецца таксама, што ў планах аўстрыйскага інвестара выкупіць астатнія 30%. Паводле інфармацыі аўстрыйскіх крыніц, на астатнія 30% «Telekom Austria» склала апцыйнае пагадненне на тэрмін да 2010 года. Згодна з ім кошт 30-працэнтнага пакета акцый склаў 320 млн. еўра (каля 450 млн. дал.).
Нагадаем, што аднаасобным уласнікам кампаніі «МЦС» цяперашні прадавец, а зараз уладальнік толькі 30% акцый кіпрскі «SB Telekom Ltd» стаў зусім нядаўна – у жніўні. «SB Telekom Ltd» купіў у беларускай дзяржавы 51% акцый, якія таму належалі. Унікальнасць пагаднення, якое адбылося, у тым, што пра яго не было сказанае ні слова – ні прадстаўнікамі кампаніі, ні прадстаўнікамі дзяржавы. Эксперты і мясцовыя назіральнікі рабілі высновы на аснове ўскосных дадзеных. Зразумела, самым інтрыгуючым момантам была сума пагаднення. Эксперты ўзгадалі, што ўвесну Аляксандр Лукашэнка казаў пра наяўную прапанову прадаць дзяржаўную долю ў гэтай кампаніі (51%) за 300–500 млн. дал. Па словах беларускага прэзідэнта, гэта «супервыгоднае». Зыходзячы з такой арыфметыкі, кошт усёй кампаніі не павінен перавысіць 1 млрд. дал., а ўжо тым больш 70%. Атрымоўваецца, што Лукашэнка, які б’ецца за кожную капейку, ладна пратраціў.
«Пачынаецца спекуляцыя беларускай уласнасцю» – так ацаніў тое, што адбываецца ў гутарцы з «Независимой газете» кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. Тое, што прыбытак ад продажу беларускай уласнасці атрымоўвае не Беларусь, на яго думку, сведчыць «пра правал палітыкі размеркавання ўласнасці». Такія пагадненні павінны праходзіць адкрыта, пралічвацца дбайна, лічыць ён. Акрамя таго, нацыянальная эліта таксама павінна мець магчымасць удзельнічаць у працэсе прыватызацыі. Прадаючы дзяржаўную долю ў «МЦС», дзяржава фактычна здзейсніла «закуліснае пагадненне», адгэтуль і вынік – ні рэальнай цаны, «ні стратэгічнага інвестара», пра вялікае значэнне якіх так шмат гаворыць беларускі прэзідэнт. Эксперт мяркуе, што аўстрыйская кампанія можа апынуцца не апошнім звяном у ланцужку пакупнікоў.