BE RU EN

Новы кіраўнік «палаткі» Вадзім Папоў выступіў за супрацоўніцтва з Еўразвязам

  • 2.10.2007, 14:50

Старшынёй «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі ў аўторак падчас тайнага галасавання абраны Вадзім Папоў, які ўзначальваў да гэтага парламенцкую камісію па міжнародных справах і сувязях з СНД.

Як паведамляе карэспандэнт "Інтэрфакса", кандыдатуру В.Папова на пасаду спікера ніжняй палаты беларускага парламента падтрымалі 94 дэпутаты, супраць выказалася 13.

У падтрымку Сяргея Гайдукевіча, які высунуў сябе на пасаду старшыні «палаты», прагаласавалі 5 «дэпутатаў», супраць – 102.

Галасаванне прайшло тайна з выкарыстаннем папяровых бюлетэняў.

В.Папоў у сваім выступе перад галасаваннем адзначыў неабходнасць наладжвання супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам, лічачы, што гэта павінен быць двухбаковы рух.

Гаворачы пра ўнутраную палітыку, ён адзначыў, што парламенту неабходна "удасканальваць законатворчую працу". "Унутраныя праблемы трэба вырашаць у кантакце з прэзідэнтам", – заявіў В.Папоў.

Вадзім Папоў нарадзіўся 5 ліпеня 1940 года. Адукацыя вышэйшая. Працоўную дзейнасць пачаў працоўным, служыў у шэрагах Узброеных сілаў. Выкладаў у прафесійна-тэхнічнай вучэльні. Быў на камсамольскай працы, працаваў дырэктарам саўгаса імя Калініна Краснапольскага раёна, пасля працаваў у партыйных органах на розных пасадах, генеральным дырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Могилевоблагропромтехснаб", ААТ "Агропромсервис" Магілёўскай вобласці, першым намеснікам міністра, міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Апошнія навіны