Лукашэнка: «Энергетыка з эканамічнага пытання ператварылася ў палітычнае»
- 11.10.2007, 13:38
Аляксандр Лукашэнка заявіў у чацвер пра намер пачаць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, падкрэсліўшы, што без яе "Беларусь не пражыве". "Мы вызначыліся, што стварэнне ўласнай ядзернай энергетыкі з'яўляецца безальтэрнатыўным варыянтам гарантыі нашай нацыянальнай бяспекі", – заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым, як адзначае агенцтва ІТАР-ТАСС, Лукашэнка не ўдакладніў, хто будзе будаваць АЭС.
"У 2008 годзе мы павінны завяршыць пэўны аб'ём падрыхтоўчых прац з тым, каб ужо непасрэдна прыступіць да будаўніцтва станцыі", – сказаў Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік упэўнівае, што рашэнне аб будаўніцтве АЭС засноўваецца не на палітычных матывах, а на неабходнасці "гарантаваць нашу энергетычную бяспеку ва ўмовах спусташэння сусветных газанафтавых прыродных рэсурсаў, перабояў з пастаўкамі і ўзрастаючага падвышэння цэнаў на энерганосьбіты".
"На жаль, энергетыка з чыста эканамічнага пытання ператварылася ў пытанне палітычнае, у фактар, які вызначае асновы стасункаў паміж дзяржавамі і цэлымі дзяржаўнымі аб'яднаннямі", – заявіў Лукашэнка.
"Мы ні ў якім разе не павінны адмаўляцца ад будаўніцтва энергааб’ектаў на ўласных крыніцах сыравіны – дровах, бурых вуглях, сланцах, выкарыстоўваць энергію рэк, вятры, – адзначыў Лукашэнка. – Мы будзем развіваць такія кірункі як выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. Раптам узнікне сітуацыя, пры якой нам неабходна будзе забяспечыць насельніцтва, каб у дамах свяціла лямпачка Ільіча".
На Захадзе Лукашэнку часта называюць "апошнім дыктатарам Еўропы", адзначае Расейская служба ВВС. Таксама заходніх лідэраў хвалююць цесныя стасункі беларускага кіраўніцтва з такімі краінамі як Венесуэла і Іран. Іран спрабуе развіваць сваю ядзерную праграму, заяўляючы пра яе мірны характар, хоць Захад падазрае Тэгеран у намеры стварыць ядзерную зброю.