Еўрапейскі выбар на «шалях» беларускай улады
- 11.10.2007, 10:10
"Усё, што можа перашкодзіць людзям узяць удзел у Еўрапейскім Маршы — гэта толькі лянота ці жаданне жыць пры дыктатуры", – такую заяву зрабіў 10 кастрычніка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню акцыі старшыня аргкамітэта Віктар Івашкевіч, паведамляе БелаПАН.
"Правядзенне Марша дазволенае Менгарвыканкамам. Я паўтараю – дазволенае. І ніякіх санкцый, ніякай адказнасці за ўдзел у ім быць не можа. Таму кожны чалавек, які хоча жыць у Еўропе і падтрымлівае еўрапейскія каштоўнасці, павінен выйсці на марш", – лічыць В.Івашкевіч.
Як сказаў палітык, кожны чалавек, які возьме ўдзел у акцыі, можа "стаць апошняй гіркай на шалях, якая схіліць улады Беларусі да супрацоўніцтва з Еўропай".
Як заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, у Еўропе з вялікай увагай ставяцца да правядзення гэтай акцыі. "Я толькі што вярнуўся з Прагі, дзе браў удзел у міжнароднай канферэнцыі "Форум 2000". І з упэўненасцю магу сказаць: цікавасць да Беларусі не знізілася, а толькі падвышаецца. Практычна ўсе, з кім я сустракаўся, выказвалі падтрымку правядзенню такога Марша. Прычым, я пра гэтую акцыю еўрапейскім палітыкам не казаў: яны мяне пра яе пыталі самі. Нават былы дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт сама падышла да мяне і пацікавілася, якія перспектывы правядзення Еўрапейскага Марша", – распавёў А.Мілінкевіч.
Як паведамілі арганізатары акцыі, пакуль невядомае, хто з запрошаных еўрапейскіх палітыкаў прыедзе на марш. "Мы запрасілі шмат палітыкаў як еўрапейскага, так і нацыянальных парламентаў. Але пакуль не ведаем, каму беларускія амбасады выдалі візы, а каму не", – адзначыў адзін з заяўнікаў акцыі, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.