BE RU EN

Пад Мінскам заўважылі тхароў

Яны не баяцца людзей і просяцца на рукі.

У аграгарадку Міханавічы Мінскага раёна мясцовыя жыхары напрыканцы снежня 2025 года пачалі заўважаць тхароў.

Як паведамляе выданне «Прысталічча», гэта былі не адзінкавыя выпадкі – звяркі з'яўляліся ў розных месцах.

Першага тхара знайшлі каля смеццевых бакаў. Адна з жыхарак паспрабавала прытуліць жывёлу, але яна неўзабаве збегла. Праз некалькі дзён у мясцовым чаце з'явілася фота іншага тхара – меншага памеру і з іншай афарбоўкай.

Пазней сляды яшчэ адной жывёлы выявілі ў адным з гаражоў аграгарадка.

Па словах відавочцаў, звяркі паводзілі сябе спакойна і не баяліся людзей. Нетыповы для дзікіх тхароў колер поўсці таксама ўказвае на тое, што яны, хутчэй за ўсё, дамашнія.

У жыхароў аграгарадка ёсць дзве версіі таго, што адбылося. Першая – тхары маглі збегчы ад гаспадароў і выйсці да людзей у пошуках ежы.

Другая – жывёл наўмысна выкінулі. Мясцовыя больш схіляюцца да версіі ўцёкаў.

Лёс знойдзеных жывёл склаўся па-рознаму.

Першага тхара перадалі мінскім заводчыкам. Другога прытуліла мясцовая жыхарка – яна адвезла яго ў іншы горад і дала мянушку Міла.

Спецыялісты нагадваюць: калі на вуліцы трапіўся тхор, які выглядае як дамашні (светлая афарбоўка, не баіцца людзей), важна дзейнічаць акуратна. Не варта хапаць жывёлу рукамі – спалоханы зверак можа ўкусіць.

Лепш паспрабаваць асцярожна заманіць яго ў скрынку або пераноску з дапамогай ежы і прапанаваць ваду.

Таксама варта праверыць, ці няма ў жывёлы ашыйніка або чыпа, і звязацца з ветэрынарамі або заабаронцамі – яны дапамогуць часова размясціць тхара і знайсці гаспадароў праз сацсеткі.

Апошнія навіны