BE RU EN

Трамп усумніўся ў сваёй здольнасці спыніць вайну ва Украіне

Але пацвердзіў прыярытэтнасць гэтай задачы.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо не ўпэўнены, што зможа пакласці канец вайне Расеі супраць Украіны. «Я не ведаю. Я не магу вам сказаць, адбудзецца гэта ці не», - заявіў ён у адказе журналістам на борце Air Force One, паведамляе Politico. У той жа час Трамп пацвердзіў, што пытанне спынення гэтай вайны застаецца для яго прыярытэтнай задачай. «Так. Я хацеў бы, каб гэта адбылося», - сказаў ён.

Трамп зрабіў гэтую заяву пасля таго, як 3 і 4 ліпеня па чарзе пагаварыў праз тэлефон з прэзідэнтамі Расеі і Украіны Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім. Тады стала зразумела, што мірны працэс забуксаваў. Пуцін зноў адмовіўся спыняць вайну да ліквідацыі яе «першапрычын». «Я не дасягнуў ніякага прагрэсу з ім», - прызнаў Трамп. Затым расейскае войска абрынула на Украіну наймацнейшы паветраны ўдар за ўсю вайну, запусціўшы 539 дронаў і 11 ракет. На наступны дзень Трамп патэлефанаваў Зяленскаму і паведаміў, што ЗША разглядаюць магчымасць перадачы Кіеву ракет для сістэм СПА Patriot. Ён таксама адзначыў, што меў «добрую размову» з украінскім прэзідэнтам, дадаўшы, што застаўся «вельмі незадаволены» гутаркай з Пуціным праз яго нежаданне спыняць агонь. «Ён хоча ісці да канца і проста працягваць забіваць людзей», - канстатаваў Трамп.

Перад гэтымі тэлефанаваннямі ЗША прыпынілі вайсковую дапамогу Украіне. Паводле звестак NBC News, гэта адбылося праз тое, што Вашынгтон вырашыў правесці аўдыт уласных арсеналаў, асцерагаючыся іх знясілення. У Дзярждэпе адзначалі, што паўза закранула толькі «адзін аспект» паставак і не з'яўляецца поўнай, аднак крыніцы The Economist ва Украіне заявілі, што замарожванне закранула ўсю дапамогу.

Трамп паабяцаў Зяленскаму разабрацца ў сітуацыі. Таксама яны дамовіліся правесці асобную сустрэчу профільных каманд ЗША і Украіны для больш дэталёвага абмеркавання пытанняў, звязаных з супрацьпаветранай абаронай і пастаўкамі ўзбраенняў агулам, распавяла крыніца Axios.

Цягам усёй перадвыбарнай кампаніі Трамп абяцаў пакласці канец вайне паміж Расеяй і Украінай «за 24 гадзіны» пасля свайго вяртання ў Белы дом. Пазней ён адступіў ад сваіх слоў, назваўшы іх «перабольшаннем». Затым Трамп паставіў новую мэту - спыніць вайну за 100 дзён свайго прэзідэнцтва, але і гэта не ўдалося. Тады ён прыстрашыў выйсці з мірнага працэсу праз расчараванне прадаўжэннем баявых дзеянняў.

Апошнія навіны